Памятка «Правілы развіцця маўлення дзяцей»
1. Агульнае правіла: чым больш Вы размаўляеце з дзіцем, тым большаму ён навучыцца.
2. Працягвайце і дапаўняйце сказанае дзіцем - рабіце яго сказы распаўсюджанымі.
3. Ніколі не папраўляйце гаворку дзіцяці дэманстратыўна. Проста паўтарыце тую ж фразу правільна.
4. Клапаціцеся пра тое, каб у дзіцяці з'яўляліся новыя ўражанні, пра якія ён мог бы распавесці.
5. Заахвочвайце імкненне дзіцяці задаваць пытанні і ніколі не пакідайце іх без адказу.
6. Не перабівайце дзіця, не адварочвайцеся, пакуль ён не скончыць распавядаць: ён можа западозрыць, што Вас мала цікавіць тое, пра што ён кажа.
7. Прапануйце дзіцяці перабіраць крупы, зашпіляць гузікі, маланкі, збіраць пірамідку, складаць матрошку. Гэта развівае пальцы рук, такім чынам, і маўленне.
8. Зважайце увагу дзяцей на гукі і шумы з вуліцы, з іншага пакоя, з кухні. Гэта развівае фанематычны (маўленчы) слых.
9. Абмяжоўвайце час прагляду тэлевізара. Лепш глядзіце тэлевізар разам з дзіцем і абмяркоўвайце з ім яго ўражанні ад убачанага.
10. Чытайце з дзіцем мастацкую літаратуру. Гэта прывучае дзіця слухаць, быць уседлівым, гутарце пра прачытанае.
11. Не крытыкуйце дзіця нават сам-насам, тым больш не рабіце гэтага ў прысутнасці старонніх.
12. Не параўноўвайце дзіця з другімі дзецьмі.
13. Гуляйце з дзіцем у розныя гульні.
ПАРАДЫ ДЛЯ БАЦЬКОЎ
“ЯК НАВУЧЫЦЬ СВАІХ ДЗЯЦЕЙ РОДНАЙ МОВЕ”
Як навучыць дзіця роднай мове? Ведайце, гэта штодзённая барацьба, і галоўнае, вялікая дысцыпліна, але, увогуле, магчыма, калі выконваць наступныя парады:
1. Маці павінна шмат размаўляць з дзіцем з самай калыскі на роднай мове. Проста каментаваць усе рухі і дзеянні, паказваць малюначкі, спяваць песенькі, чытаць вершы ці распавядаць казкі і г.д. Гэта неабходна рабіць сістэматычна, не меней гадзіны ў дзень і значна больш у выходныя дні. Маўклівая маці ніколі не навучыць сваё дзіця размаўляць па-беларуску.
2. Размаўляць заўсёды з дзіцем толькі па-беларуску, не толькі, калі вы сам-насам з ім, але і пры сваяках, родных, любых пастаронніх. Патрэбна перакладаць словы дзіцяці на беларускую мову. Але гэта правіла жалезна.
3.Сачыць за сваёй мовай і ніколі не ўстаўляць рускіх слоў у сваю гаворку. Гэта бывае цяжка, калі вы забыліся ці проста не ведалі назвы рэчаў. У такім разе трэба паглядзець у слоўніку!
4. Ніколі не сварыцца, і тым больш караць дзіця за тое, што яно да вас звярнулася па па-руску ці ўставіла рускае слова. Ва ўсім вінаватыя вы самі: значыць вы недастаткова з ім размаўляеце, ці чытаеце ўслых на роднай мове. Ні ў якім разе гутарка з маці не павінна ператварацца ва ўрок гутарковай практыкі. Калі дзіця ўставіла рускае слова, вы павінны неўзаметку паўтарыць яго фразу чыста па -беларуску. Іншымі словамі вы неўзаметку нагадалі і дзіцяці, але яно ўжо паўторыць гэтыя словы па па-беларуску.
Памятаеце, што, перш чым сказаць слова, трэба яго пачуць дзясяткі разоў у розных кантэкстах.
Вышэй расказаныя правілы павінны выконвацца пастаянна.
Сямейная гасцёўня “ГУЧЫ, РОДНАЯ МОВА”
Мэта: пашырэнне ведаў бацькоў аб сучасных сродках далучэння дзяцей да роднай мовы.
Задачы: пазнаёміць бацькоў з беларускімі дзіцячымі часопісамі і літаратурай для ўжывання ў сямейным выхаванні; абуджаць у дарослых і дзяцей цікавасць, любоў і павагу да роднай мовы; садзейнічаць ужыванню беларускай мовы ва ўмовах сям'і.
В. Паважаныя бацькі! Нам вельмі прыемна, што вы заглянулі на гэтую старонку, якую мы назвалі «Гучы, родная мова». Праблема ўжывання роднай беларускай мовы паўстала не толькі перад установай дашкольнай адукацыі, перад вамі, бацькамі, але і перад усім нашым грамадствам. Кожны народ шануе і паважае сваю мову і мы, беларусы, не выключэнне.
В. Зараз, шаноўныя госці, прапаную вам пагуляць. Я буду называць словы на рускай мове, а вы перакладаць іх на беларускую.
Гульня «Перакладзіце правільна»
Вядучы называе словы: лицо... (твар), вилка... (відэлец), носки... (шкарпэткі), чулки... (панчохі), рубашка... (кашуля), ботинки... (чаравікі), очки... (акуляры), ковёр... (дыван), шкаф... (шафа), игрушки... (цацкі) і г.д.
Гульня «Адгадай загадку»
Вядучы прапануе адгадаць загадкі:
Мыш у нары, а хвост на двары. (Цыбуля.)
Кіну з блыху, а вырасце з кулак. (Бурак.)
Стаіць дуб, а пад дубам дзеці. (Бульба.)
Румяны Піліп да палкі прыліп. (Яблык.)
Колькі гарошын увойдзе ў адну шклянку? (Ніводнай, бо гарох не мае ног.)
В. Калі шануеш тую мову
Якую продкі збераглі,
Скажы на ёй такія словы,
Каб у вяках яны жылі. Ю. Свірка
Паважаныя бацькі, давайце паразважаем над пытаннем «Што такое родная мова?».
В. Родная мова — тая, якую чалавек засвойвае з ранняга дзяцінства, пераймаючы яе ад бацькоў або родных без спецыяльнага навучання. Гэта тая мова, на якой чалавек думае. На аснове роднай мовы адбываецца нацыянальна-культурная сацыялізацыя чалавека.
В. Наступнае пытанне: «Чаму павінна гучаць беларуская мова?».
Вучоныя даказалі, што беларуская мова найбліжэй стаіць да старажытнай славянскай гаворкі. Наша мова ўнікальная! Дашкольны ўзрост з'яўляецца найбольш спрыяльным перыядам для авалодвання дзецьмі мовай наогул, бо ў гэты час і на ўсё жыццё закладваецца трывалы падмурак інтэлектуальнага развіцця, фарміруюцца цікавасць, патрэбы да ведаў, развіваюцца індывідуальныя задаткі. Валоданне беларускай мовай выхоўвае патрыёта, грамадзяніна, неабыякавага да лёсу Бацькаўшчыны чалавека. Да таго ж авалодванне беларускай мовай у дашкольным узросце падрыхтоўвае дзіця да навучання ў школе.
В. Наступнае пытанне «Якія сродкі далучаюць дзяцей да беларускага маўлення?».
Далучэнне да беларускага маўлення адбываецца праз спецыяльна арганізаваныя заняткі, беларускія народныя гульні, пры чытанні твораў мастацкай літаратуры, беларускіх дзіцячых часопісаў, выкарыстанні ў паўсядзённым жыцці вуснай народнай творчасці (вершаў, калыханак, забаўлянак, прыказак, прымавак). Добра дапамагае прагляд відэафільмаў на беларускую тэматыку. Але самае галоўнае — гэта размаўляць на беларускай мове з дзецьмі.
Заданне «Скажы прыказку»
-Чалавек без Радзімы, (што дрэва без каранёў).
- У людзей пытай, (дый свой розум май).
- Дарагая тая хатка, (дзе нарадзіла мяне матка).
- У сваім краі, (як у раі).
- Няма смачнейшай вадзіцы, (як з роднай крыніцы).
- У сваёй хаце ( вуглы дапамагаюць).
- Шануй людзей, (то і цябе пашануюць).
- Дзе няма ахвоты, (там няма работы).
- Чалавек без сяброў, (што печ без дроў).
- Дзе шчырая праца — там густа, а дзе лянота — (там пуста).
- Каб у пашане быць, (трэба працу любіць).
- Работа і корміць, і поіць, (і жыць вучыць).
В. Любіце і шануйце яе, спявайце і гуляйце, размаўляйце і чытайце на роднай мове разам з дзецьмі, выкарыстоўвайце яе ў паўсядзённым жыцці. У гэтым вам надзейнай дапамогай з'явяцца дзіцячыя кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, беларускія часопісы для дзяцей. Няхай вашы сем'і яднае любоў да роднай мовы!
Крынічкай спявае, не замярзае,
Родная мова.
У сэрцы не гасне, поўніцца шчасцем,
Родная мова.
Над светам лунае, вечна жывая,
Родная мова.
I, нас беларусаў, збірае,
Родная мова. П. Марціновіч
Падумайце і завяршыце фразы:
— Родная мова для мяне — гэта...
— Родную мову трэба ведаць, таму што...
— Па адносінах чалавека да роднай мовы можна меркаваць пра...