Гісторыя

ГІСТОРЫЯ НАШАЙ ШКОЛЫ

Морацкая школа была адкрыта ў 1903 годзе як царкоўна-прыходская пачатковая. Будавалі яе бедныя людзі яшчэ пры цару Мікалаю II.

У школу хадзілі дзеці розных узростаў, але ў асноўным вучыліся толькі хлопчыкі. Усе дзеці займаліся ў адным памяшканні.

У 1914 годзе ў весцы Морач дзяцей вучыла настаўніца Калоша Анастасія Сяменаўна.

У класе ўжо ў той час былі лаўкі , дошка і геаграфічная карта, але не было паперы і таму пісалі грыфелем на дошцы. Вучылі такія прадметы як арыфметыку, граматыку і закон божы. Усе ўрокі вяліся на рускай мове, а беларускае слова было ў забароне.

Быў перыяд, калі ў Морачы працавала польская пачатковая школа. Яе дырэктарам быў Францішак Краўчукевіч, а настаўніцай – Мар`я Кшэвіцка. Усе прадметы ў школе выкладаліся  на польскай мове. Адзін раз у тыдзень на закон божы  прыходзіў свяшчэннік. У школе дзяцей часта наказвалі, і таму яны ўцякалі дадому. За ўцёкі  дзяцей бацькі плацілі вялікі штраф.

У часы Заходняй Беларусі не ўсе дзеці мелі магчымасць вучыцца, бо за вучобу трэба было плаціць вельмі многа грошай, і таму бацькі наймалі чалавека, які ўмеў чытаць, пісаць, лічыць, вучыць дзяцей дома.

У Морачы самым адукаваным быў Рамашка Раман Сцяпанавіч, вось ён  і хадзіў па хатах, вучыў дзяцей бедных людзей.

Калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад Савецкай Беларусі, у вёсцы пачынае працаваць беларуская пачатковая школа. Дырэктарам якой быў Рамашка Раман Сцяпанавіч.

Калі пачалася вайна, школа была закрыта. Яна аднаўляе сваю дзейнасць толькі пасля вызвалення Беларусі . Дырэктарам застаецца Раман Сцяпанавіч. У пасляваенныя годы ў школе працаваць было цяжка, бо не хапала падручнікаў: на 10 вучняў была толькі адна кніга. А замест сшыткаў -  кусочкі паперы і старыя газеты.

У 1949 годзе ў вёсцы пачынае працаваць сямігадовая школа. Ідуць гады, колькасць вучняў пачынае расці, і ў 1962 годзе Морацкая сямігадовая школа становіцца васьмігадовай.

З 1966 года Морацкая школа стала сярэдняй. Дзеці вучацца ў трох памяшканнях. Асобна знаходзіцца майстэрня і сталоўка.

Першы выпуск сярэдняй школы быў у 1968 годзе.

У 1986 годзе была пабудавана новая школа.